Гаспадар лесу

Главное

Уладзімір Вікенцевіч Мушніцкі жартам называе сябе лясным чалавекам і паказвае рукой на цёмназялёную густую сцяну, што з трох бакоў падступае да вёскі Пашкішкі. Дзевяноста год назад на ўскрайку гэтага лесу, пад магутным дубам, ён з’явіўся на свет. Нарадзіўся ў разгар жніва: маці разам з усімі жала ячмень, так што пупавіну прыйшлося пераразаць сярпом. Месца нараджэння, на думку Мушніцкага, і паўплывала на выбар прафесіі. Лясной гаспадарцы ён аддаў пяцьдзясят тры гады.


У гэтым лясным маляўнічым куточку Ашмяншчыны прайшло ўсё яго жыццё. Тут сустрэў ён вайну і па шчаслівай выпадковасці застаўся ў жывых. Немцы палічылі яго за стрыечнага брата, якога таксама звалі Уладзімірам Мушніцкім. Той у 1940 годзе паступіў на службу ў міліцыю, а калі пачалася вайна, пайшоў у партызаны. І вось калі немцы вялі на растрэл хлопцаў з Сенкянят, ім трапіўся на вочы Уладзімір. Запытаўшы, як зваць, разгубленага падлетка піхнулі прыкладам у плечы і павялі разам з усімі пад канвоем. Хтосьці з вяскоўцаў перадаў гэтую звестку маці, і тая кінулася ратаваць сына. Дапамагло толькі тое, што маці крыху ведала нямецкую мову. Падчас Першай сусветнай вайны непадалёку ад гэтых мясцін стаяў фронт, і дзяўчыну немцы забралі для работы на кухні. Там яна навучылася разумець чужую мову і нават магла гаварыць.

Глытаючы слёзы, жанчына змагла растлумачыць немцам, што яны памыліліся, і іх адпусцілі дамоў. А тых дзевяць хлопцаў расстралялі ў лесе пад Гальшанамі і там закапалі.

Але не толькі гэта выпрабаванне чакала сям’ю Мушніцкіх. У 1944 годзе ў сямнаццацігадовым узросце пасля хваробы памірае сястра. Праз некалькі год не стане і бацькі. У хуткім часе ён забярэ на той свет і яшчэ адну сваю дачку.

Страшэнная бяда чакае жыхароў Пашкішак у маі 1946 года. Агнём было знішчана больш ста пабудоў. Не абмінула вогненная стыхія і хату Мушніцкіх. Як ні стараўся Уладзімір уратаваць саламяную страху хлява, аднак з гэтага нічога не атрымалася. Ледзьве сам застаўся жывым: успыхнула на спіне кашуля. У тым пажары згарэла і хата. Сям’я павінна была пакінуць родную вёску і пераехаць у Маркіняты.

Тое няшчасце ўсё-такі мела адзін станоўчы бок. У Маркінятах Уладзімір сустрэў сваю палавінку – Зінаіду Сымановіч. Прыгожай яна была дзяўчынай і працавітай. Тым і прыглянулася хлопцу-пагарэльцу. І па гаспадарцы яна хутка спраўлялася, і акурацісткай была адмысловай. Дом заўсёды зіхацеў чысцінёй і парадкам.

Праз некалькі год вёска Пашкішкі адбудавалася наноў. Узвёў сваё жытло і Уладзімір Вікенцевіч. У 1949 годзе ён уладкаваўся лесніком у калгасны лес. Затым перайшоў на працу ў Ашмянскае лясніцтва. Калі стварылася пры Смаргонскім вопытным лясгасе Гальшанскае лясніцтва, свае веды і стараннасць аддаў гэтай арганізацыі. Яго рукамі ўзводзіўся і будынак канторы, і ўсё ўнутранае начынне. Станкоў тады не было. Асноўныя інструменты — піла і гэблік, ды і рукі, якія ніколі не ведалі спакою. Уладзімір Вікенцевіч не толькі сталяркай займаўся. Ён мог і чаравікі адрамантаваць, і нават новыя боты справіць. І шавец ён быў адмысловы. Яму паддавалася і жалеза. Звярталіся да яго вяскоўцы, каб гачку зрабіў альбо каня падкаваў. Нікому не адказваў ляснік. Абавязкова знаходзіў час, каб дапамагчы вяскоўцам. Ён ніколі з людзьмі не вадзіўся. З усімі жыў у згодзе. За гэта яго цанілі і паважалі.

Больш за ўсё Мушніцкі любіў лес. Тут мог дняваць і начаваць. Дрэвы давалі яму сілы. У лесе ён ніколі не ведаў стомы, хаця работы хапала, асабліва на пачатку лясніцкай кар’еры. Пасля вайны людзі актыўна пачалі будавацца. Само сабой зразумела, трапляліся такія, хто спрабаваў украсці ў лесе хоць некалькі бярвёнаў. Таму нават ноччу прыходзілася сачыць за парадкам у сваім абходзе. Ведалі людзі і тое, што мясцовага лесніка не купіш за бутэльку. Дарэчы, ніхто з вяскоўцаў не прыпомніць, каб Вікенцевіч калі напіўся.

У абавязкі лесніка ўваходзіла не толькі ахова лясных угоддзяў, але і ўзнаўленне. Той лес, які паўкругам падступае да яго роднай вёскі, быў пасаджаны ўласнымі рукамі ў пасляваенныя гады. За сезон рупліваму лесаводу прыходзілася высаджаваць да 50 гектараў саджанцаў і сеянцаў. І гэта пры тым, што раней гадавальнік пры лясгасе быў невялічкі, дый спецыялістаў не хапала, што адбівалася на якасці пасадачнага матэрыялу. Аднак кволыя гадаванцы Уладзіміра Вікенцевіча заўсёды  добра прымаліся. А калі калегі не паспявалі выканаць план, клікалі на падмогу яго. Былі ўпэўнены, што той ніколі не падвядзе.

Сваю лясную гаспадарку Мушніцкі ведаў, як і ўласную, а можа, нават і лепш. Аб’язджаў яе спачатку на кані, калі і пяшком хадзіў. Пасля з’явіўся матацыкл. Зімою ездзіў на санях, у гушчар прабіраўся на лыжах. Свая ж гаспадарка больш ляжала на плячах жонкі і дзяцей. Іх у Мушніцкіх нарадзілася трое: дочкі Ірына і Зінаіда і сын Уладзімір. Зінаіда ўспамінае, што бацька нават навучыў яе касіць. Гэта мужчынская справа добра атрымлівалася і ў маці. Усе разам даглядалі жывёлу, сенавалі, палолі грады. Маці была адмысловай грыбніцай і ягадніцай. Заўсёды брала ў лес і дзяцей. Дома заўсёды смачна пахла свежа згатаванай стравай. На святы на стале з’яўляліся пірагі. Госці хвалілі ўвішную гаспадыню за хрумсткія грыбочкі, квашаную капустачку з журавінамі і іншыя дары з лесу і агарода.

Мушніцкія хаця і жылі ў дастатку, багатымі ніколі не былі. Не гэта бралі яны за аснову. Часам Зінаіда Пятроўна папракала мужа, што з яго сувязямі і прафесіяй можна было б жыць лепш. Аднак ніколі яна гэтага не гаварыла пры дзецях. Дачка Зінаіда ўспамінае, што, наадварот, маці заўжды ставіла бацьку ў прыклад і казала, што жыць трэба па справядлівасці і ніколі не раскрываць рот на чужое.

Гэтую бацькоўскую выснову нясуць па сваім жыцці і дзеці Уладзіміра Вікенцевіча. Ірына жыве ў Пашкішках. Разам з сынам даглядае бацьку. З горада часта наведваецца Зінаіда. Яна ўсё жыццё аддала педагогіцы. Пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута настаўнічала ў Даржанскай пачатковай школе, у Анкудскай базавай і школе для глухіх дзяцей. Сын Уладзімір жыве ў Мінску. Афіцэр міліцыі, ён шмат год быў начальнікам папраўчай установы. Зараз, будучы на пенсіі па выслузе, займаецца вытворчасцю мэблі на прыватным прадпрыемстве.

У Уладзіміра Вікенцевіча пяцёра ўнукаў і два праўнукі. Яны часта просяць дзеда расказаць аб сваёй рабоце. А яна вось тут, навідавоку. На святочным пінжаку, дзе размясціўся медаль “За працоўную доблесць”, дзе не хапае месца знакам “Выдатнік сацыялістычнага спаборніцтва лясной гаспадаркі СССР” (іх удастойваўся Мушніцкі шмат гадоў запар), “Ударнік пяцігодкі”, у сувязі з юбілейнымі датамі Дзяржаўнай лясной аховы Савецкага Саюза… У шматлікіх ганаровых граматах, што беражліва захоўваюцца для дзяцей і ўнукаў. Яна ў стройным зялёным лесе, які застанецца на памяць нашчадкам і будзе адорваць месцічаў спакоем і прахалодай, цешыць душу ягадамі і грыбамі, нагадваючы пра сціплага і адданага сваёй справе чалавека – лесніка  Уладзіміра Вікенцевіча Мушніцкага з Пашкішак.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *