У Кракоўцы перапынкі — толькі на абед

Главное

Калі часам даводзіцца бываць за горадам, бачыць налітае калоссе, міжволі радуешся. Але і ўзнікае пытанне: ці паспеюць хлебаробы, ці не запозняцца? Мы пабывалі на полі і пераканаліся, што жніво ідзе без перапынкаў. Хіба толькі на абед.


Завіталі мы на поле акурат у сярэдзіне працоўнага дня. І пакуль гараджане толькі планавалі ,  дзе і чым перакусіць, працаўнікі сяла ўжо заканчвалі свой абед. Было бачна, што ў іх дарагая кожная хвіліна, таму мы не занялі шмат часу на гутарку.

На дадзеным полі азімую пшаніцу ўбіраюць два камбайнеры. Уладзімір Станіслававіч Букель па асноўным месцы працы – вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Жупранах, але ўжо гадоў дзесяць на час жніва перасядае за руль камбайна. Яго калега Мар’ян Эдуардавіч Куліковіч прайшоў доўгі шлях: у кракоўскую гаспадарку, тады яшчэ саўгас “Перамога”, упершыню ён прыйшоў ажно ў 1982 годзе і працаваў у ёй да 2000, затым перайшоў вадзіцелем да прыватніка, а сёлета часова вярнуўся па запрашэнні кіраўніцтва СВК на пасаду механізатара. Цяпер яны абое кіруюць камбайнамі КЗР-1218 з сяміметровымі жняяркамі. Поле вельмі вялікае – пад дзвесце гектараў. За паўтара дня яны зжалі пакуль толькі трыццаць шэсць. Нядрэнная, хоць і не зусім высокая ўраджайнасць – сорак цэнтнераў на круг. Працуюць, як бачна, старанна, не пакладаючы рук. Але, як кажуць, вайна вайной, а абед паводле раскладу.

Прысмакамі частуе хлебаробаў раздатчыца Валянціна Антонаўна Суравец. У гэтай якасці яна працуе ўжо чатыры месяцы, раней кіравала малочнатаварнай фермай у Шумілішках. Валянціна Антонаўна расказала, як праходзіць працоўны дзень у кухараў. Для шэф-повара Святланы Уладзіміраўны Гроцкай ён пачынаецца ў шэсць трыццаць. А восьмай падыходзяць раздатчыцы. З дванаццаці да трох – дастаўка абедаў. Абедзенны перапынак для раздатчыцы – самы галоўны перыяд, калі працаўнікоў поля трэба накарміць як мага лепш. А калі надыходзіць яе чарга раздаваць падвячорак, то жанчына занята аж да восьмай гадзіны вечара.

Умовы працы паляпшаюцца: сёлета да наяўнага абсталявання дадалася новая электрычная пліта з духавой шафай. Гатаваць стараюцца гледзячы па надвор’і: у прахалодныя дзянькі на першае гарачыя супы, у спякотныя – халаднікі. На другое звычайна катлета ці сасіска з гарнірам, а часам могуць і пловам пацешыць. Да набору прадуктаў, з якіх гатуюць стравы, цяпер дадалася маладая бульба, што таксама не можа не радаваць сялян. Супы, кашы ды кампоты дастаўляе на палі гаспадаркі вадзіцель Антон Уладзіслававіч Казлоўскі.

План на жніво азімай пшаніцы складае 604 гектары, яравой – 790, таму марудзіць нельга – ні з працай, ні з ежай.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *