Паспяховы красавік

Образование

Сёлетняя вясна для выхаванцаў і настаўнікаў Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў выдалася надзвычай прыгожай і яркай. Яна парадавала не толькі сваім празрыстым і тонкім водарам, вытанчанымі і ледзь улоўнымі фарбамі, але і высокімі творчымі поспехамі. Дасягненнямі, якія сталі рэзультатам шматгадовай, практычна штодзённай працы дзяцей і педагогаў. Чарговай прыступкай на шляху да спасціжэння загадкавых таямніц мастацтва і ўпэўненым крокам у свет гармоніі і прыгажосці.

Райская асалода ад выканання Наталлі Райскай

Амаль паўтары сотні юных музыкантаў, што вучацца іграць на музычных інструментах у школах, размешчаных у сельскай мясцовасці, з’ехаліся ў Гродна ў сярэдзіне красавіка. Тут прайшоў абласны конкурс, на які паспрабаваць свае сілы адправілася разам з настаўніцай Наталляй Віктараўнай Трот і канцэртмайстрам Ларысай Валяр’янаўнай Касцючэнка вучаніца па класу цымбал Наталля Райская.

Конкурс праводзіўся ў трох узроставых катэгорыях. Наталля выступала сярод самых юных музыкантаў – да 11 год, аднак узрост не стаў перашкодай: дзяўчынка ўпэўнена і смела сыграла конкурсны твор, што не магло не адзначыць журы, у склад якога ўваходзілі вядучыя выкладчыкі Гродзенскага і Лідскага музычных каледжаў. У выніку Наталля заняла другое месца. З абласнога цэнтра яна вярнулася не толькі з дыпломам, але і цудоўным настроем.

“Мелодыка” заявіла аб сабе ў Ракаве

Не менш удалым было выступленне вучняў Гальшанскай школы мастацтваў на штогадовым адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе фартэп’яннай музыкі імя Міхаіла Грушвіцкага ў аграгарадку Ракаў Мінскай вобласці.

Музычнае свята, арганізаванае калектывам Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў у гонар свайго земляка-кампазітара, штогод збірае адораных дзяцей не толькі з Мінска і вобласці, але і з Оршы, Магілёва, а цяпер і з Гродзеншчыны. Па ўмовах конкурсу сваё майстэрства дзеці могуць дэманстраваць у некалькіх намінацыях: “Сольнае выкананне”, “Фартэп’янныя дуэты”, “Змешаныя ансамблі” (з удзелам фартэп’яна).

Гальшанскую ДШМ на конкурсе прадстаўляў ансамбль “Мелодыка”, якім кіруе Наталля Канстанцінаўна Каспяровіч. Выканальніцкае майстэрства гальшанскага калектыву журы адзначыла дыпломам I ступені.

Гран-пры прэстыжнага міжнароднага конкурсу – узнагарода за талент

На IV Міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва “КрасаWEEK” вучаніца Гальшанскай школы мастацтваў Лізавета Лаўрыновіч атрымала Гран-пры.

Да такой прэстыжнай і высокай узнагароды юная мастачка ішла не адзін год. Захапленне жывапісам пад кіраўніцтвам настаўніка Сяргея Мікалаевіча Дунды запоўніла ўсё жыццё таленавітай дзяўчынкі. Яна актыўна ўдзельнічае не толькі ў раённых, абласных, рэспубліканскіх, але і прэстыжных міжнародных конкурсах. Лізавета стала дыпламантам раённага пленэра, прысвечанага юбілею з дня нараджэння мастака Юзафа Карчэўскага “Гісторыя кліча фарбы”. Летась на Міжнародным конкурсе дзіцячай выяўленчай творчасці “І.С. Тургенеў – чытаем, малюем”, які адбыўся ў Арле, яна перамагла ў першым і другім турах і стала лаўрэатам у намінацыі “За паэтычнае разуменне прыроды”. Пэўны вопыт і ўпэўненасць у сваіх сілах мастачка набыла падчас міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”.

У мінулым годзе на вышэйзгаданым конкурсе “КрасаWEEK” Лізавета заняла чацвёртае месца, атрымала спецыяльны прыз арганізатараў мерапрыемства за работу “Арэшына” і загарэлася жаданнем на наступны год выйсці ў лік пераможцаў. “Красавіка” яна не проста чакала, а штодзень знаходзіла вольную хвілінку, каб прысвяціць сябе любімаму занятку, шмат чытала аб жывапісе, як зачараваная, разглядвала палотны майстроў пэндзля сусветнага ўзроўню.

Сярод сюжэтных кампазіцый дзяўчынка аддае перавагу матывам сельскага жыцця. У наваколлі старажытных Гальшан у яе шмат любімых мясцін, якія рука так і просіцца ўвасобіць у фарбах.

На конкурс Лізавета Лаўрыновіч падрыхтавала работу “Дзядоўнік ля млына”, выказаўшы ў карціне свае глыбокія пачуцці да роднай старонкі. Работа стала лепшай сярод амаль чатырохсот палоцен з Беларусі, Расіі, Арменіі, Украіны, Польшчы, Балгарыі, Ірана, Турцыі, Індыі, Сербіі, Чэхіі…

У конкурсе Лізавета прымала ўдзел з Анастасіяй Вінаградавай, якая таксама займаецца ў Сяргея Мікалаевіча Дунды. Работа Насці “Веснавая непагадзь” атрымала спецыяльны прыз ад партнёраў конкурсу.

Мастакі заўжды будуць нашымі праваднікамі ў свет пачуццяў і фантазій. Хочацца спадзявацца, што юныя мастачкі з Гальшан папоўняць кагорту знакамітых жывапісцаў і будуць тварыць, каб паказаць людзям глыбіню чалавечых пачуццяў, сваёй творчасцю будуць узвышаць, вылечваць, спыняць час.

Аліна САНЮК.

Фота Наталлі ТРОТ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *