Ад простых даследаванняў — да навуковых адкрыццяў

Образование

Для падтрымкі таленавітай моладзі ў Кальчунскай сярэдняй школе створана навуковае таварыства “Эліта”. Удзельнікі таварыства займаюцца даследчыцкай дзейнасцю. Даследаванні па некаторых тэмах праводзяцца юнымі навукоўцамі на працягу года, а то і больш. Кожны мае права выбраць сабе настаўніка-кіраўніка і атрымаць дапамогу.

16 красавіка “Эліта” запрасіла вучняў і настаўнікаў на школьную нвукова-практычную канферэнцыю. Адкрыццё канферэнцыі пачалося з выступлення намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыны Казіміраўны Нікіфяровіч, якая высока ацаніла работу вучняў і настаўнікаў школы. Былі названы рэзультаты дзейнасці таварыства за мінулыя гады. Актыўны ўдзел у зацікаўленасці вучняў у навуковых даследаваннях прынялі маладыя настаўнікі.

Загадзя былі вызначаны наступныя секцыі: гісторыя і краязнаўства, свет замежнай мовы, свет вакол нас, здароўе – залог поспеху, першыя крокі. Аліна Масальская (11 клас) пад кіраўніцтвам Святланы Пятроўны Чарняк падрыхтавала працу на тэму “Вайна вачыма чалавека праз аб’ектыў фатаапарата”. Работа прадстаўляла сабой аналіз фотаздымкаў нямецкіх і рускіх удзельнікаў вайны. Анастасія Бражыцкая (11 клас) пад кіраўніцтвам Тэрэсы Станіславаўны Навіцкай працавала над тэмай “Народны касцюм Злучанага Каралеўства Велікабрытаніі”. У рабоце давалася параўнальная характарыстыка нацыянальных касцюмаў Беларусі і Велікабрытаніі, іх афармленне і выкарыстанне. Працягам працы для Анастасіі стала калекцыяніраванне лялек у народных касцюмах. Валянціна Купчалойць (10 клас) пад кіраўніцтвам Генадзія Леанідавіча Тармасевіча займалася даследаваннем тэмы “Геаграфія аўтамабільнага транспарту Беларусі”. Валянціна раскрыла асаблівасці і вызначыла фактары, якія ўплываюць на развіццё і размяшчэнне транспарту, выявіла праблемы і абазначыла перспектывы яго развіцця ў краіне. Ангеліна Лыскойць (6 клас) пад кіраўніцтвам Алены Іванаўны Матвейчык даследавала праблему ўплыву 3D і 5D тэхналогій на зрок і псіхіку сучаснага школьніка. У рабоце Ангеліна даказала, што празмернае злоўжыванне такім відам тэхналогій адмоўна ўплывае на здароўе чалавека. Вольга Міцкевіч (3 клас) пад кіраўніцтвам Таццяны Анатольеўны Іоніс у cваім выступленні “Збяры батарэйкі – захавай жыццё вожыку” зрабіла выснову, што кожны з нас павінен правільна ўтылізаваць выкарыстаныя батарэйкі.

На мерапрыемстве прысутнічала куратар школы, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Сяргееўна Саламонава. Журы ў складзе Ірыны Казіміраўны Нікіфяровіч, Людмілы Віктараўны Пашкевіч, Анатолія Эдуардавіча Міцко, Галіны Рыгораўны Платановіч, Таццяны Сяргееўны Саламонавай уважліва слухала выступленні, ацэньвала прэзентацыі і задавала пытанні.

Рады таварыства “Эліта” папоўніліся новымі даследчыкамі: вучням сярэдніх класаў і вучням, якія прыйшлі ў 10 клас, былі ўручаны пасведчанні членаў таварыства. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Віктараўна Пашкевіч падвяла вынікі канферэнцыі і падзякавала за творчую працу, пажадала вучням поспехаў у далейшых даследаваннях.

Упэўнена, што такога роду дзейнасць стане штуршком да сур’ёзных і значных даследаванняў, стане стартавай пляцоўкай для раскрыцця здольнасцей і магчымасцей, якія ёсць у кожнага дзіцяці, а магчыма, паўплывае на выбар будучай прафесіі.

Інга ГІЗ, слухач школы

маладога журналіста.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *