Алесь Кушнер: «Футбол вымагае адданасці»

Спорт

Пра дзейнасць прыватнай футбольнай школы “Нёман” Ашмяны вядома многім жыхарам нашага горада. Заняткі, паездкі, гульні, маленькія поспехі і перамогі – усё гэта для выхаванцаў установы далёка не рэдкасць. Мы вырашылі даведацца падрабязнасці пра заняткі і падарожжы вучняў футбольнай школы ў яе кіраўніка Алеся Кушнера.

– Раскажыце, калі ласка, пра спаборніцтвы, якія ў сярэдзіне сакавіка бягучага года наведалі выхаванцы вашай школы?

– 15 сакавіка 2014 г. прыватная футбольная школа “Нёман” Ашмяны адправілася ў поўным складзе выхаванцаў і суправаджэнні бацькоў (агулам 90 чалавек) на прагляд фінала Суперкубка Беларусі па футболе паміж ФК “Мінск” і ФК “БАТЭ” (Барысаў).

Гэтая гульня штогод адкрывае футбольны сезон у Беларусі. У фінальнай гульні прымаюць удзел каманда-пераможца кубка Беларусі па футболе і каманда-пераможца футбольнага першынства папярэдняга сезону.

– Якім чынам дзеці і бацькі трапілі на гэтае футбольнае свята і колькі каштавала паездка на гульню?

– Магчымасць наведаць фінал Суперкубка Беларусі з’явілася дзякуючы падтрымцы Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”, з якой у нас з самага пачатку дзейнасці школы склаліся добрыя стасункі. Ад імя футбольнай школы, дзяцей і бацькоў хачу выказаць шчырую падзяку БФФ і асабіста кіраўніку дэпартамента па арганізацыі спаборніцтваў БФФ Ігару Цаплюку за прафесіяналізм, адкрытасць і паразуменне.

Для дзяцей і бацькоў паездка на фінал Суперкубка Беларусі па футболе была бясплатная. Арэнду двух аўтобусаў з уласных сродкаў аплаціла футбольная школа, а запрашальныя білеты на гульню прадаставіла БФФ.

– Якія ўражанні пакінула гульня ў дзяцей і ў вас асабіста?

– Безумоўна, дзеці былі задаволены ўбачаным на футбольным полі. Я прасіў хлопцаў, асабліва 2001/02 г.н., уважліва сачыць за гульнёй, каб потым распавесці мне аб сваіх уражаннях з пункту гледжання тактыкі і тэхнікі футбола. На трэніроўцы, што адбылася праз дзень пасля наведвання фіналу Суперкубка, выхаванцы падзяліліся са мной сваімі назіраннямі.

Што тычыцца маіх уражанняў, то варта адзначыць невысокі тэмп гульні і асцярожнасць гульцоў падчас адзінаборстваў. У цэлым быў рады наведаць гульню і ўзяць для сябе пэўныя цікавыя тэхніка-тактычныя моманты.

– Крыху раскажыце пра дзейнасць школы, а таксама пра ўзрост яе наведвальнікаў.

– Дзейнасць школы грунтуецца на тых жа прынцыпах, на якіх яна была заснаваная.

Абавязковай умовай існавання і паспяховай рэалізацыі праграмы трэніровак з’яўляецца любоў да футбола. Асноўная мэта ў працы з маладымі футбалістамі – фарміраванне здаровай асобы ў біялагічным, псіхалагічным і сацыяльным сэнсе. Толькі паўнавартасна развітая асоба можа дасягнуць высокіх вынікаў. Спартыўная мэта ў працы з нашымі маладымі футбалістамі носіць перспектыўны характар. Сапраўдны спартыўны вынік працы дзіцячага трэнера вымяраецца не колькасцю тытулаў у дзіцячых спаборніцтвах, а колькасцю гульцоў, якія ўвайшлі ў асноўныя склады прафесійных футбольных клубаў.

Ад пачатку дзейнасці футбольнай школы праводзіўся набор дзяцей 2001, 2002, 2003, 2004, 2005, 2006 гадоў нараджэння. У гэтыя ўзроставыя групы ідзе набор увесь час. Дзеці, пры наяўнасці жадання, могуць далучыцца да футбольных трэніровак без абмежаванняў. У якасці выключэння, па просьбе бацькоў, у школу былі залічаны таксама хлопчыкі 2007 года нараджэння.

– Ці прымалі каманды футбольнай школы ўдзел у спаборніцтвах, якіх вынікаў дасягнулі?

– Футбольная школа “Нёман” Ашмяны ўдзельнічала ў двух турнірах па міні-футболе,  а таксама ў шэрагу таварыскіх матчаў. Перамог пакуль не было. Але мы не ставім сабе за мэту перамогу любым коштам. Мая мэта як трэнера і заснавальніка – падрыхтаваць дзяцей да дарослага футбола, каб яны менавіта ў прафесійных футбольных камандах дэманстравалі сваю падрыхтаванасць і імкнуліся да перамогаў. Наш галоўны вынік у кожнай гульні – імкненне да развіцця.

– Якія цяжкасці найчасцей узнікаюць у працы з дзецьмі?

– На мой погляд, асноўная праблема моладзі і маіх выхаванцаў у прыватнасці – адсутнасць мэтанакіраванасці, адказнасці і байцоўскіх якасцяў. Як і любы від спорту, футбол вымагае адданасці як на трэніроўках, так і ў гульнях. Без вялікага жадання перамагаць і дасягаць вынікаў спартсмен ніколі не адбудзецца. Неабходнымі з’яўляюцца ўзаемадапамога і падтрымка партнёраў па камандзе, а таксама адказнасць за сваю гульню як перад сабой, так і перад камандай. На вялікі жаль, менавіта гэтых якасцяў бракуе цяпер дзецям.

– У чым прычыны агучаных вамі праблемаў і якім чынам магчыма з імі змагацца, каб дзіця было паспяховае не толькі ў спорце але і ў звычайным жыцці?

– Па-першае, кепска ўздзейнічае на маладую асобу вялікая колькасць так званых раздражняльнікаў, да якіх я адношу ўсе “даброты цывілізацыі”: камп’ютары, планшэты, гульнявыя прыстаўкі і г.д. Уся гэтая тэхніка стварае для моладзі ілюзію паралельнага жыцця. Як мы ведаем, тое, што дазволена ў віртуальным жыцці, не заўсёды стасуецца з жыццём рэальным. Камп’ютарны сусвет, такім чынам, знішчае ў асобе імкненне да актыўнасці ў рэальным жыцці.

Па-другое, не кожны з бацькоў зараз знаходзіць дастаткова часу для свайго дзіцяці. Некаторыя спрабуюць пры дапамозе тых жа “дабротаў цывілізацыі” замяніць рэльны кантакт з дзіцем на кантакт віртуальны. “Хай лепш сядзіць у сваіх гульнях, чым будзе недзе хадзіць, нечым займацца”, – думае нехта з бацькоў. І дарэмна. Бо кожнаму дзіцяці трэба бацькоўская ўвага. А хлопцу асабліва патрэбна ўвага бацькі. Дзіця павінна бачыць з боку бацькоў цікавасць да яго праблемаў і турбот, да яго радасцяў і дасягненняў. Не павінна быць стварэння штучных ці, лепш сказаць, парніковых умоваў выхавання, калі бацькі за дзіця вырашаюць яго лёс, альбо наадварот, калі дзіця кіруе сваімі бацькамі, як марыянеткамі.

– Мне вядома, што некаторыя з вашых выхаванцаў паралельна займаюцца таксама іншымі відамі спорту. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Я заўсёды быў, ёсць і буду прыхільнікам таго, што дзіця павінна займацца адным відам спорту, калі размова ідзе пра прафесійныя заняткі. Патлумачу чаму. Я не аднойчы быў сведкам цяжкіх жыццёвых гісторый, якія здараліся з-за заняткаў адначасова рознымі відамі спорту. Часцей за ўсё гэта адбывалася з-за бацькоў, якія хацелі б бачыць сваё дзіця пераможцам усіх магчымых спаборніцтваў. Не заўсёды бацькі прыслухоўваюцца да жаданняў сваіх дзяцей і цягаюць іх, як паднявольных, па ўсіх спартыўных гуртках. Вынік такога гвалту загадзя вядомы – альбо дзіця падарве сваё здароўе, альбо з-за вялікіх псіхічных і фізічных нагрузак яно стоміцца ад заняткаў спортам і будзе шукаць варыянты ашчаджэння сваіх сілаў на трэніроўках і ў гульнях, што ў выніку прывядзе да заканчэння яго спартыўнай кар’еры.

Таму я заўсёды заклікаю бацькоў разам з дзецьмі абраць адзін від спорту і прыкладаць сумесныя намаганні для дасягнення менавіта ў гэтым відзе спорту максімальных вынікаў.

– Што б вы параілі бацькам, якія менавіта зараз абіраюць для свайго дзіцяці спартыўны гурток?

– Паважаныя бацькі, калі вы заўважылі ў вашага дзіцяці цікавасць да футбола і жадаеце, каб яно было здаровае, шчаслівае і ўсебакова развітае – прыводзьце яго да нас у футбольную школу! А ўсю неабходную інфармацыю аб прыватнай футбольнай школе “Нёман” Ашмяны вы можаце знайсці на старонцы www.pfs-neman.by.

Падрыхтаваў Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота з архіва Алеся КУШНЕРА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *